Прэзентацыю кнігі “Шчасце - жыць” Вольгі Андрушчанкі правяла Смаргонская раённая бібліятэка

08.04.2023
Бацька паўплываў не толькі на выбар яе будучай прафесіі. Напэўна, з генамі Вользе Андрушчанка ад таты перадаўся і талент пісаць вершы. У Вольгі Іванаўны назапасілася вялікая колькасць вершаваных твораў, якія і былі, нарэшце, сабраны пад адну вокладку – літаральна месяц таму выйшла кніга “Шчасце – жыць”.  Атрымаўся своеасаблівы паэтычны дзённік ці летапіс жыцця прывабнай жанчыны, педагога-прафесіянала, жонкі, маці, бабулі.  
 

Падчас прэзентацыі выдання, якую правяла Смаргонская раённая бібліятэка, сабраліся родныя, сябры, былыя калегі-педагогі, прыхільнікі яе паэтычнага таленту.

“Мая любоў да роднай зямлі, гісторыі і матулінага слова, павага да людзей, з якімі пашанцавала сустракацца, жыць, працаваць, адлюстраваліся ў маіх вершаваных творах. З імі я прапаную пазнаёміцца чытачам”, - адзначыла ў прадмове да кнігі Вольга Андрушчанка.

Падчас прэзентацыі паэтка чытала свае вершы, успамінала гісторыі са свайго жыцця. Публіка жыва і вельмі шчыра адгукалася на выступленне.

“Усё маё жыццё звязана са Смаргонню – гэты горад стаў для мяне родным. Тут у 1971 годзе нарадзілася дачка Наталля, тут яна скончыла СШ №4, - адзначыла Вольга Іванаўна. -    З 1986 года я займала пасаду загадчыцы гарадскога метадычнага кабінета аддзела адукацыі Смаргонскага гарвыканкама, з 1997 па 2002 год – загадчыцы метадычнага кабінета ўпраўлення адукацыі Смаргонскага райвыканкама. Адсюль пайшла на заслужаны адпачынак”.

Яна прывыкла ўвесь час быць сярод людзей. Таму і на пенсіі не засядзелася дома. Стала хадзіць на мерапрыемствы ў УТЦСАН “Цёплы дом”.  Адзінаццаць гадоў таму, калі на базе цэнтра была створана вакальная група “Крынічанька”, Вольга Андрушчанка стала актыўнай удзельніцай калектыву. Яе вершы неаднаразова былі ўключаны ў сцэнарыі тэматычных выступленняў “Крынічанькі”. Па матывах яе п’есы “Посиделки давних подруг» тэатральная студыя “Вдохновение” (створана і працуе таксама на базе цэнтра) паставіла спектакль.

Паэтычнай імпрэзе “Крынічанька” дадала эмацыйнасці і танцавальнасці.

Паэтка перадала ў бібліятэку некалькі экзэмпляраў сваёй кнігі. У смаргонцаў з’явілася магчымасць бліжэй пазнаёміцца з творчай спадчынай  нашай таленавітай зямлячкі.

Меню раздела
Опросы
Нет доступных опросов Результаты опросов